РЭЗА́ АБАСІ́, Рызае Абасі (каля 1575, г. Кашан, Іран — 1635),

іранскі мініяцюрыст, вядучы прадстаўнік ісфаханскай школы мініяцюры пры Абасе 1. Працягваў традыцыі Мухамедзі, аднаго з буйнейшых мініяцюрыстаў Тэбрыза. Узначальваў прыдворную школу мастацтваў у Ісфахане. Рабіў жанравыя сцэнкі і партрэты, часам ілюстрацыі. Эвалюцыяніраваў ад паэт.-спакойных кампазіцый, у якіх сілуэты фігур акрэслены плаўнай замкнёнай лініяй, што ізалюе вобраз, да напоўненых глыбокім ўнутр. напружаннем работ, у якіх зменлівая, перарывістая лінія выяўляе пластыку фігур і іх сувязь з навакольным асяроддзем. Сярод твораў: «Дзяўчына ў футравай шапцы» (1602—03), «Партрэт старога» (1614), «Ландшафт з трыма паляўнічымі», «Пара закаханых», «Юнак з баранам» і інш. Іл. гл. да арт. Ісфаханская школа мініяцюры.

т. 13, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)